«Дзень народнага адзінства: значэнне міру і згоды»

Адзіны дзень інфармавання "Дзень народнага адзінства: значэнне міру і згоды" прайшоў сёння ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. З калектывам сустрэліся начальнік культуры Навагрудскага райвыканкама М.К. Шабановіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Н.М. Жышко.

У ходзе гутаркі гаварылася аб тым, што ў аснове нашага адзінства - штодзённая праца, традыцыйныя каштоўнасці, моцная дзяржава і сапраўдны нацыянальны лідэр. Дзень народнага адзінства сімвалізуе нацыянальную, дзяржаўную і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Гэты дзень - сімвал гістарычнага афармлення беларускай нацыі, шчырага імкнення беларусаў жыць адной сям'ёй ва ўласным доме.

Упершыню на самым высокім узроўні ідэя заснавання Дня народнага адзінства прагучала на VI Усебеларускім народным сходзе ў лютым 2021 года. Ініцыятыва не была спантаннай, яна лунала ў паветры. Дастаткова сказаць, што сам сход прайшоў пад лёзунгам “Адзінства. Развіццё. Незалежнасць».

17 верасня - пачатак вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе па вызваленні беларускіх зямель ад польскай акупацыі. Дзень 17 верасня стаў часткай беларускай гістарычнай традыцыі і шырока адзначаўся на агульнасаюзным узроўні з 1940 па 1949 год, што таксама знайшло адлюстраванне ў тапаніміцы шэрагу населеных пунктаў. Спробы аднавіць традыцыю былі ў 1999 годзе. А 17 верасня 2009 года Кіраўнік дзяржавы накіроўваў віншаванні народу з нагоды 70-годдзя пачатку вызваленчага паходу Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі.

Зыходзячы з народнага рашэння Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 года № 206 у нашай краіне заснавана дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства, які адзначаецца штогод 17 верасня.

На сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі па актуальных пытаннях грамадска-палітычнай абстаноўкі 30 ліпеня 2021 года Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адзначыў асаблівую значнасць уз'яднання беларускіх сем'яў і тэрыторый у 1939-м:

Памяць аб гэтай падзеі жыве ў сэрцах беларусаў, таму што яна стала актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі. Вось чаму патрэбны суверэнітэт і незалежнасць – каб нас ніколі больш супраць нашай волі не дзялілі. 17 верасня сімвалізуе непахіснасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі.

69