Мемарыяльны комплекс «Ала»

Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай немцамі вёскі Ала ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці адкрыты вясной 2020 года.

Назва вёскі паходзіць ад прытоку Бярэзіны ракі Алы, паселішча было вядома з 1795 года. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яе напаткаў трагічны лёс Хатыні.

Вёска Ала была акупавана ў канцы ліпеня 1941 года. Раніцай 14 студзеня 1944 года нямецкі карны атрад разам з вайсковай часткай, якая налічвала каля 1 тыс. салдат, акружыў вёску. Людзей заганялі ў дамы, якія затым падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. Такім чынам было расстраляна і спалена 1758 мірных жыхароў, уключаючы 950 дзяцей.

Пасля вайны вёска Ала не адрадзілася.

У 1958 годзе на брацкай магіле, у якой пахаваны мірныя жыхары і савецкія воіны (усяго 2253 чалавекі), быў усталяваны помнік — скульптура ўкленчанага салдата з вянком.

У выніку рэканструкцыі брацкага пахавання створаны мемарыяльны комплекс «Ала», які ўключае тры функцыянальныя зоны: уваходную групу, мемарыяльную зону (на тэрыторыі, якая прымыкае да існуючага брацкага пахавання) і злучае іх пешаходны маршрут па былой вясковай вуліцы.

У цэнтры мемарыяльнай зоны — сімвалічны крыж і звон. Побач — званіца ў выглядзе стылізаванага вясковага хлява з колькасцю званоў па колькасці вёсак, жыхары якіх тут загінулі.